НАРО́ДНЫЯ КАМІСАРЫЯ́ТЫ БССР, наркаматы,
цэнтральныя галіновыя органы дзярж. кіравання СССР, саюзных і аўтаномных рэспублік у 1917—46. Падпарадкоўваліся Савету Нар. Камісараў (СНК) РСФСР, потым СССР, адпаведным саюзным і рэсп. органам. Паводле пастановы 2-га Усерас. з’езда Саветаў ад 8.11.1917 «Аб заснаванні Савета Народных Камісараў» створаны К-т па ваен. і марскіх справах і 12 камісій: гандлю і прам-сці, юстыцыі, пошт і тэлеграфаў, працы, па замежных справах, па справах харчавання, па чыг. справах, па ўнутр. справах, земляробства, па справах нацыянальнасцей, нар. адукацыі, фінансаў, якія і з’яўляліся першымі наркаматамі. Узначальваў СНК РСФСР У.І.Ульянаў (Ленін). Са снеж. 1917 па сак. 1918 некалькімі Н.к. кіравалі левыя эсэры. У далейшым наркомамі прызначаліся толькі члены РКП(б), потым ВКП(б) са згоды ЦК партыі. Канстытуцыя РСФСР 1918 замацавала існаванне 18 наркаматаў, у т. л. ВСНГ на правах наркамата. Колькасць і назвы Н.к. вызначаліся ВЦВК (потым Вярх. Саветам СССР), адпаведнымі органамі саюзных рэспублік, зацвярджаліся на сесіях, потым уносіліся змены ў саюзную і рэсп. канстытуцыі. Паводле Канстытуцыі СССР 1924 Н.к. падзяляліся на агульнасаюзныя, аб’яднаныя (з 1936 саюзна-рэсп.) і рэспубліканскія. У канцы 1920-х—1930-я г. колькасць Н.к. значна павялічылася. Пэўныя змены ў структуры Н.к. адбыліся ў час Вял. Айч. вайны і пасля яе. Законам Вярх. Савета СССР ад 15.3.1946 Н.к. пераўтвораны ў міністэрствы.
Першым у Беларусі вышэйшым заканадаўчым (паміж з’ездамі Саветаў) органам сав. улады быў Абласны выканаўчы камітэт Саветаў рабочых, салдацкіх і сялянскіх дэпутатаў Заходняй вобласці і фронту (Аблвыкамзах), які складаўся з 15 аддзелаў. Іх узначальвалі нар. камісары, якія ўваходзілі ў СНК Зах. вобласці і фронту. Аддзелы ліквідаваны ў сувязі са стварэннем Часовага рабоча-сялянскага савецкага ўрада Беларусі (абавязкі Н.к. выконвалі чл. ўрада), на іх аснове ў студз. 1919 створаны камісарыяты Сав. Сацыяліст. Рэспублікі Беларусь (ССРБ), з лют. 1919 іх функцыі перададзены аб’яднаным камісарыятам Сацыяліст. Сав. Рэспублікі Літвы і Беларусі (Літбел). У сувязі з польск. акупацыяй яны фактычна спынілі работу. Пасля вызвалення дзейнасць сав. органаў адноўлена. У адпаведнасці з дапаўненнямі да Канстытуцыі ССРБ 1919, прынятымі 2-м з’ездам Саветаў Беларусі, у снеж. 1920 створаны СНК і 13 рэсп. Н.к.: замежных спраў, па ваен. справах, унутр. спраў, юстыцыі, працы, асветы, сац. забеспячэння, фінансаў, земляробства, нар. сувязі, аховы здароўя, харчавання, рабоча-сял. інспекцыі (РСІ). Правы Н.к. мелі Савет нар. гаспадаркі [з 1924 Вышэйшы Савет Народнай Гаспадаркі БССР (ВСНГ БССР)] і Надзвычайная камісія (ЧК), якая ў 1922 пераўтворана ў Дзяржаўнае палітычнае ўпраўленне БССР (ДПУ) пры СНК БССР. У сувязі са стварэннем СССР змянялася структура органаў кіравання. Узмацнялася роля цэнтр. дзярж. і парт. органаў. Вырасла колькасць агульнасаюзных і аб’яднаных Н.к. Адпаведныя змены ўнесены ў Канстытуцыю БССР (1927). З пач. 1930-х г. павялічылася колькасць Н.к., пастаянна рэарганізоўвалася іх структура. Большасць наркомаў, іх намеснікаў, кіруючых работнікаў Н.к. БССР былі рэпрэсіраваны. У час Вял. Айч. вайны Н.к. БССР працавалі як структурныя падраздзяленні агульнасаюзных, колькасць якіх павялічылася. З пач. вызвалення Беларусі Н.к. БССР аднавілі сваю дзейнасць на тэр. рэспублікі. З 1920 да 1946 у БССР у розны час дзейнічала 38 Н.к. (гл. табл.). Да сак. 1946 кіраўніцтва ў Беларусі ажыццяўлялі 25 агульнасаюзных, 13 саюзна-рэсп. і 6 рэсп. Н.к., створана сістэма поўнага падпарадкавання агульнасаюзным Н.к. такіх галін, як машына-, аўтамабіле-, трактарабудаванне, хімічная, нафтавая прамысловасць. Паводле Указа Прэзідыума Вярх. Савета БССР ад 26.3.1946 Н.к. ў БССР рэарганізаваны ў мін-вы БССР.
Літ.:
История государства и права Белорусской ССР. Т. 1—2. Мн., 1970—76;
История Советской Конституции (в документах), 1917—1956. М., 1957;
Сборник законов БССР и Указов Президиума Верховного Совета БССР, 1938—1955 гг. Мн., 1956;
Органы государственного управления Белорусской ССР (1919—1967 гг). Мн., 1968.
В.Ф.Кушнер.
Народныя камісарыяты БССР
| Назва наркамата |
Калі існаваў |
| Замежных спраў |
снеж. 1920 — да канца 1922, з сак. 1944 |
| Ваен. спраў |
снеж. 1920 — да канца 1922 |
| Па справах нацыянальнасцей |
снеж. 1920 — да канца 1922 |
| Унутр. спраў |
снеж. 1920 — снеж. 1930, з ліп. 1934 |
| Юстыцыі |
са снеж. 1920 |
| Працы |
снеж 1920 — вер. 1933 |
| Сац. забеспячэння |
са снеж. 1920 |
| Асветы |
са снеж. 1920 |
| Фінансаў |
са снеж. 1920 |
| Земляробства |
са снеж. 1920 |
| Пошт і тэлеграфаў |
снеж. 1920—1922 |
| Аховы здароўя |
са снеж. 1920 |
| Рабоча-сялянскай інспекцыі |
снеж. 1920 — сак. 1934 |
| Харчавання |
снеж. 1920 — крас. 1924 |
| Вышэйшы савет нар. гасп. (да 1924 СНГ) |
снеж. 1920 — крас. 1932 |
| Надзвычайная камісія (ЧК) |
снеж. 1920 — сак. 1922 |
| Дзярж. паліт. ўпраўленне (ДПУ) |
сак. 1922 — ліп. 1934 |
| Дзяржаўная планавая камісія |
з крас. 1923 |
| Унутр. гандлю |
ліп. 1924 — май 1926 |
| Знешняга і ўнутранага гандлю |
май 1926 — люты 1931 |
| Гандлю |
з крас. 1938 |
| Забеспячэння |
люты 1931 — вер. 1934 |
| Камунальнай гасп. |
з ліп. 1931 |
| Лёгкай прамысловасці |
крас. 1932 — вер. 1934, са снеж. 1936 |
| Лясной прамысловасці |
са снеж. 1936 |
| Збожжавых і жывёлагадоўчых саўгасаў |
са снеж. 1936 |
| Харч. прамысловасці |
са снеж. 1936 |
| Мясной і малочнай прамысловасці |
з ліп. 1939 |
| Тэкст. прамысловасці |
з вер. 1939 |
| Мясц. паліўнай прамысловасці |
са жн. 1939 |
| Мясц. прамысловасці |
з вер. 1934 |
| Прамысловасці буд. матэрыялаў |
з ліп. 1939 |
| Дзярж. кантролю |
з ліст. 1940 |
| Меліярацыі |
з сак. 1941 |
| Аўтамаб. транспарту |
з ліп. 1939 |
| Дзярж бяспекі |
сак.—жн. 1941, са снеж. 1943 |
| Жыллёва-грамадзянскага буд-ва |
з кастр. 1944 |
| Тэхн. культур |
са студз. 1946 |
т. 11, с. 182